Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – тэрыторыя поспеху і дзіцячага смеху!

Традыцыйны Тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць з 1 па 9 верасня ва ўсіх кутках Беларусі.

Навагрудак – гэта горад з амаль векавой гісторыяй, горад, дзе заўсёды ў цэнтры ўвагі – дзеці, іх дабрабыт, іх развіццё, іх шчаслівыя дні, гэта горад, дружалюбны да дзяцей. Менавіта таму ў Навагрудку заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю сістэмы дадатковай адукацыі.

Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў рэгіёне сення – гэта Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Цэнтр творчасці – гэта асаблівая тэрыторыя, тэрыторыя поспеху, дзіцячага шчасця і смеху, тэрыторыя радасці. У Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі створаны і ствараюцца ўмовы для паспяховага развіцця падрастаючага пакалення. 
У рамках Тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі для ўсіх навучэнцаў Навагрудскага раёна былі прапанаваны займальныя майстар-класы, творчыя канцэрты-прэзентацыі, квэст-гульні, турыстычная паласа перашкод і шмат іныш не менш цікавых заняткаў.

Педагогі Цэнтра – людзі актыўныя, пазітыўныя, накіраваныя на станоўчы вынік, яны імкнуцца крочыць у нагу з часам, прапануюць рабятам новыя формы і метады работы. 

З мінулага года на базе Цэнтра паспяхова функцыянуюць два іміджавых аб'екты: навучальны цэнтр «Тры колеры бяспекі», дзе дзецям у гульнявой форме прадастаўляецца магчымасць даведацца і праверыць свае веды па правілах бяспечных паводзін, а таксама эка-клас «У прыроды няма дрэннага надвор'я».

У 2019/2020 навучальным годзе для работы названых класаў прыцягнутыя маладыя спецыялісты, а гэта азначае, што ў іміджавыя аб'екты ўвальюцца свежыя погляды, і мы ўпэўненыя, што заняткі ў іх будуць цікавыя і карысныя для ўсіх катэгорый навучэнцаў. 

Стане карысным наш цэнтр творчасці для юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на парозе выбару прафесійнага шляху. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў ужо другі год будзе працаваць вучэбная бізнес-кампанія «ДАР», у якой на сённяшні дзень ужо ёсць заказы на будучы год, а брэнд вядомы, дзякуючы распрацаваным юнымі бізнесменамі лагатыпу кампаніі. 

Як прыступкі да прафесійнай дзейнасці паслужаць і аб'яднанні па інтарэсах па цырульніцкім мастацтве, дызайне інтэр'еру. 

Гаворачы пра прафесійную арыентацыю навучэнцаў, нельга мінуць факт, што нашыя дзеці з года ў год становяцца студэнтамі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных ўстаноў адпаведнага профілю. І яшчэ больш прыемны той факт, што гэтыя дзеці вяртаюцца ў родны цэнтр, але ўжо ў якасці педагогаў дадатковай адукацыі.

Так, Ганна Сяргееўна Манекіна, некалі выхаванка знакамітага педагога Грэка Уладзіміра Аляксандравіча, сёння паспяхова кіруе ўзорнай студыяй выяўленчага мастацтва, і ўжо яе выхаванцы займаюць прызавыя месцы на конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню. У гэтым годзе на працу ў цэнтр прыбыў малады спецыяліст Мазура Леанід Віктаравіч, выхаванец узорнага ансамбля танца «Свіцязяначка». Леанід Віктаравіч неадкладна пачаў актыўную працу, і ўжо 23 жніўня, стоячы ў адным шэрагу са сваімі навучэнцамі, выступаў на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра ў дзень правядзення абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. 

Трэба адзначыць, што мастацкі профіль для вучняў з'яўляецца прыярытэтным пры выбары аб'яднанняў па інтарэсах. Але не менш цікавымі і важнымі з'яўляюцца і аб'яднанні па інтарэсах тэхнічнай творчасці, выхаванцы якіх штогод заваёўваюць прызавыя месцы на міжраённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па суда-, авіямадэльным спорце. Сёння 3 навучэнцаў (Клыга Мацвей, Касцюк Максім, Свораб Аляксандра) з'яўляюцца кандыдатамі ў майстры спорту.

Аб'яднанні па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю стануць своеасаблівай «школай маладога байца». Выхаванцы турыстычных гурткоў прымаюць выніковы ўдзел у абласных турыстычных злётах, спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні.

У аб'яднаннях па інтарэсах эколага-біялагічнага і дэкаратыўна-прыкладнога напрамкаў шмат цікавага знойдуць для сябе тыя, хто любіць тварыць шэдэўры сваімі рукамі. Бо тэндэнцыя сучаснага свету да стылю дызайну «hand-made» з кожным днём набірае абароты. Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – гэта цэнтр, адкрыты для ўсіх і кожнага.

Дружны і зладжаны калектыў педагогаў чакае вас, дарагія нашы дзеці!

Памятайце, што творчасць – гэта трэцяя здольнасць душы, развівайце яе! 

Алена Міклаш,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

8-029-117-21-78

Go to all news