Онлайн-сустрэча парламента дзяцей і вучнёўскай моладзі г. Наваполацка і маладзёжнага парламента Адзінцоўскага раёна з г. Галіцына (Расія)
Праект года «Лілея сяброўства», што праходзіць у межах рэспубліканскай акцыі «Наваполацк – культурная сталіца Беларусі 2018», прадаўжае дарыць яркія ўражанні і новыя знаёмствы.
Пятага красавіка ў камп’ютарным цэнтры «РЫТМ» БШ №10 адбылася онлайн-сустрэча парламента дзяцей і вучнёўскай моладзі г. Наваполацка і маладзёжнага парламента Адзінцоўскага раёна з г. Галіцына (Расія).
Па сродках сувязі Skype юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з асаблівасцямі рэалізацыі моладзевых ініцыятыў дзвюх дзяржаў, творчай, дабрачыннай дзейнасцю, абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.
Наваполацк і Адзінцова звязваюць шматгадовыя пабрацімскія сувязі. З візітамі сяброўства расійскія дэлегацыі з гэтага горада не аднойчы прыязджалі да нас. У складзе адной з іх пабывала дырэктар Галіцынскай школы №1 Святлана Проснікава, якая і выступіла ініцыятарам тэлемоста. У Адзінцоўскім раёне парламент існуе адзін год. У большасці сваёй ён арыентаваны на валанцёрскую і законатворчую дзейнасць. У яго складзе моладзь ад 14 да 30 гадоў (у асноўным дзяўчаты).
Працуючыя прадстаўнікі маюць магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях Маскоўскай гарадской Думы. Выбары старшыні маладзёжнага аб’яднання праводзяцца, як і ў нас, шляхам адкрытага галасавання.
Да сустрэчы з расійскімі калегамі наваполацкія парламентарыі падрыхтавалі відэаролік з прэзентацыяй сваёй дзейнасці. Расказалі аб практыцы ўдзелу ў гарадскіх, абласных семінарах, творчых мерапрыемствах, сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады, духавенства, грамадскіх фарміраванняў, культурных, спартыўных арганізацый, аб рэалізацыі цікавых ініцыятыў.
Па сродках праекта «Айда ў двор!», які штогод ладзіцца ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, юныя парламентарыі прапануюць успомніць любімыя гульні нашых бацькоў і далучыць да іх сучасных падлеткаў. Праект «Кейс поспеху» дае магчымасць прадстаўнікам дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў пагутарыць з яркімі паспяховымі людзьмі горада, спытаць іх сакрэт поспеху. Адна з самых арганізацыйна-аб’ёмных ідэй наваполацкіх парламентарыяў – стварэнне кантакт-цэнтра, рэалізаваць які плануецца ў гэтым годзе. Не меншую цікавасць расіян выклікалі праекты ў межах глабальнай ініцыятывы ААН «Горад, сяброўскі дзецям» і супрацоўніцтва новапалачан з дабрачыннай арганізацыяй UNIHELP.
Тэлемост атрымаўся інфармацыйна-насычаным і карысным для абодвух бакоў. Сяброўскія стасункі замацавала песня-дэвіз наваполацкага парламента «Агні юнацтва», якую ўдзельнікі сустрэчы праспявалі разам. У бліжэйшых планах двух гарадоў – стэлефанавацца на Дзень Перамогі.
Нэлі Радзько
Go to all news