Каб напоўніць падзеямі жыццё

У тых, хто ўваходзіць у раённы савет старшакласнікаў, кожны адрэзак часу — гэта перыяд, насычаны рознымі справамі.

У лістападзе наш актыў чарговы раз сабраўся на вучобу. У рамках работы школы маладога лідара мы займаліся з псіхолагам, рабілі практыкаванні і праводзілі гульні на камандаўтварэнне, абмяркоўвалі розныя пытанні, спрачаліся і вучыліся прымаць рашэнні. І гэта нядзіўна, бо адной з галоўных сваіх задач мы па-ранейшаму лічым уцягванне кожнага вучня ў грамадскія справы, выхаванне ў моладзі адказнасці і самастойнасці.

     Асаблівай падзеяй для ўсіх нас стала сустрэча з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама Жаннай Чаркас, да якой мы прыйшлі разам са старшынёй раённага савета старшакласнікаў Яўгеніяй Юртаевай.


Галоўнай тэмай абмеркавання з Жаннай Васільеўнай было пытанне аб стварэнні маладзёжнага парламента, прыцягненне навучэнцаў школ горада да планавання, арганізацыі і правядзення раённых сацыяльна значных мерапрыемстваў. Мы выказвалі думкі, прапаноўвалі ідэі, праекты, на наш погляд, неабходныя для паляпшэння ўзроўню жыцця і вольнага часу моладзі горада.


Спецыялісты аддзела адукацыі з увагай паставіліся да нашых ідэй, асабліва да прапанаваных намі навагодніх акцый. Многія прапановы былі адобраны, некаторыя Жанна Васільеўна параіла дапрацаваць. Бадай, самае галоўнае ў гэтай сустрэчы было тое, што мы адчулі гатоўнасць раённага аддзела аказаць нам падтрымку для ажыццяўлення задуманых праектаў. Мы ж ставім сваёй галоўнай задачай магчымасць напоўніць жыццё горада і раёна цікавымі і карыснымі падзеямі.

Станіслаў КЛЕШЧАНКА, 
член Светлагорскага раённага 
савета старшакласнікаў.

https://nastgaz.by/kab-napounits-padzeyami-zhytstsyo/

https://youtu.be/smjQIMbLVEI

Вернуться к списку новостей